Наша Ніва: Беларускі цуд у Ньюёрскaй публічнай бібліятэцы

Нью-Ёрская публічная бібліятэкаУ час, калі ў Нью-Ёрку, дый па ўсёй Амэрыцы скарачаюцца бюджэты ды ашчаджаюць на пажарных і паліцэйскіх, сапраўдным маленькім цудам выглядае пастанова стварыць, апрацаваць і каталягізаваць збор беларускіх архіваў у Ньюёркскай публічнай бібліятэцы.

Беларускія архівы ў амэрыканскіх установах, што праўда, рэч не ўнікальная. Параўнаўча нядаўна Ратгерскі ўнівэрсытэт прыняў на захаваньне архівы Беларускага кангрэсавага камітэту, асабістыя зборы а. Мікалая Лапіцкага, Івана Касяка й Янкі Запрудніка. Апрацоўвала калекцыі Лёля Касоўская‑Лапіцкая.

Стэнфардзкі ўнівэрсытэт (Каліфорнія) у сваіх зборах мае дакумэнты ня толькі паваеннае эміграцыі (паперы Юрыя Сабалеўскага, Івана Любачкі), але й ранейшыя. Сярод іх найперш трэба назваць матэрыялы ARA — American Relief Administration — арганізацыі, якая на тэрыторыі былога СССР дапамагала ачуняць насельніцтву пасьля грамадзянскай вайны. На падставе гэтых збораў былі напісаныя навуковая праца Алесі Кіпель і публіцыстычная кніга Аляксандра Лукашука «Прыгоды ARA ў Беларусі».

Некранутыя тамсама яшчэ нашымі дасьледчыкамі архівы польскае амбасады ў Вашынгтоне, амбасадар якой атрымліваў паведамленьні ад польскай выведкі, у тым ліку, аб дзейнасьці беларусаў у Польшчы.

Ёсьць беларускія паперы ў Нацыянальным архіве ў Вашынгтоне, ва ўнівэрсытэце Кент штата Агаё (пэрыёдыка, літаратура пра беларусаў у ЗША), у архівах г. Блюмінгтон, штат Індыяна (працы І.Любачкі), у Калюмбійскім унівэрсытэце (у прыватнасьці, архівы губэрнатара Менскай губэрні перад 1914 г.), у Інстытуце Пілсудзкага (архівы беларускай палітычнай дзейнасьці 1918—1920 гг., нібыта ёсьць аўтографы Алеся Гаруна).

У 1960‑х гадох у Мінэсоце быў створаны Дасьледчыцкі цэнтар гісторыі эміграцыі, на сёньня — адзін з найбольшых у ЗША. Тут захоўваюцца архівы Васіля Пунтуса, царквы Сьв. Юр’я ў Чыкага, сем’яў Будзькаў‑Бяленісаў‑Пануцэвічаў, Вінцэнта Жук‑Грышкевіча, Юрыя Сабалеўскага, збор дакумэнтаў беларускіх фэстываляў у Нью‑Джэрзі, матэрыялы з жыцьця беларусаў у Індыяне, Ільлінойсе, Мічыгане.

Штo аб’ядноўвае ўсе гэтыя зборы — яны не закаталягізаваныя, а таму дасьледчыкам на сваю рызыку трэба кідацца ў мора папераў, ня ведаючы, што чакае іх у чарговай скрынцы.

Беларускі збор у Ньюёрскай Публічнай Бібліятэцы кардынальна іншы. Як вядома, яшчэ ў 1999 г. сям’я Кіпеляў перадала ў бібліятэку вялікую калекцыю эміграцыйнай беларусікі.

У гэтым было нешта сымбалічнае, бо менавіта ў будынку гэтай бібліятэкі часта адбываліся працоўныя спатканьні Вітаўта Тумаша, Уладыкі Васіля (Тамашчыка), Антона Адамовіча, Натальлі Арсеньневай, Зоры й Вітаўта Кіпеляў, Янкі Запрудніка, Антона Шукелойця — сябраў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Зь бібліятэкаю БІНІМ доўга й плённа супрацоўнічаў, дапамагаючы ствараць беларускі аддзел, арганізоўваючы выставы, прысьвечаныя беларускаму друку, Францішку Скарыне, Янку Купалу й Якубу Коласу.

Першая частка калекцыі — манаграфічная — была закаталягізаваная ў 2006 г., кожнае выданьне атрымала свой нумар, але тым ня менш яна захоўваецца як адзінка, пра што сьведчыць пазнака ў бібліяграфічным запісе — Gift, Zora and Vitaut Kipel.

Праца над другой часткаю, што ўвабрала ў сябе эміграцыйныя пэрыёдыкі, была скончаная ў лістападзе мінулага году. Цяпер яна перахоўваецца ў 64 скрынях і мае назоў «Zora and Vitaut Kipel Collection of Belarusian Periodicals and Newspapers, 1919—2001».

Кожны чытач можа замовіць гэтую калекцыю, папярэдне азнаёміўшыся з кароткім вопісам яе (дастаткова завітаць у бібліятэчны каталёг). Неўзабаве на афіцыйнай старонцы бібліятэкі будзе выстаўлены поўны вопіс.

Заставалася трэцяя частка, найбольш унікальная — архіўная. Але часу (і адпаведна — фінансаў) на апрацоўку яе патрабавалася болей. Ва ўмовах, калі Славянскі аддзел спыніў сваё існаваньне як асобная адзінка, калі бібліятэка вымушана зьмяняць сваю структуру й стратэгію, была вялікая небясьпека, што калекцыя будзе адкладзена на далёкую паліцу — у чаканьні лепшага будучага. Таму толькі цудам можна назваць рашэньне (пасьля адпаведных прэзэнтацый, датычных гісторыі эміграцыі) апрацаваць і каталягізаваць беларускі збор — першы з усіх славянскіх; і нават болей — улучыць туды матэрыялы, што не былі перададзеныя ў 1999 г.

Натуральна, разбор архіву толькі распачаты, ягоная будучая структура тым часам канчаткова неакрэсьленая, але ўжо зараз можна вылучыць найбольшыя сэрыі.

Першая — гэта паперы ўласна БІНІМу: надзвычай багатая карэспандэнцыя (пералік усіх імёнаў заняў бы не адную газэтную старонку), навуковыя артыкулы, манускрыпты (Алеся Салаўя, Уладзімера Клішэвіча, Масея Сяднёва, Янкі Юхнаўца ды іншых), рукапісныя кнігі часоў лягераў DP, кнігі з аўтаграфамі, публікацыі ў замежных мовах.

Другая — архівы БНР, большую частку якіх у свой час перадаў у БІНІМ былы міністар замежных справаў БНР Аўген Калубовіч, ліставаньне, пратаколы паседжаньняў, Статуты Рады розных гадоў, Маніфэсты, Інструкцыі й Цыркуляры, паперы з архіву Янкі Чарапука‑Змагара, фінансавыя справы Рады — з архіву Віталя Кажана.

Наступныя сэрыі — архівы газэтаў «Бацькаўшчына» й «Беларус», асабістыя архівы Антона Адамовіча, Юркі Віцьбіча, Аўгена Кавалеўскага, Янкі Юхнаўца. Трэба вылучыць і меншыя сэрыі, у прыватнасьці, дакумэнты Акадэмічнага Таварыства, Студэнцкага Згуртаваньня ў Лювэне ды іншых арганізацыяў. Нямала ёсьць цікавых папераў, датычных царкоўных справаў.

Асобна варта адзначыць збор значкоў, мэдалёў (БНР і БЦР), марак, пячатак арганізацыяў, паштовых картак, каляндароў. Бясспрэчна, пэрлінамі беларусікі ў бібліятэцы стануцца два рукапісы — Янкі Купалы «Безназоўнае» і Ўладзімера Жылкі «Тастамэнт».

Пад час апрацоўкі архіву асобныя цікавыя знаходкі будуць па‑магчымасьці публікавацца. Гэтак, часапіс «ARCHE» ўжо выдрукаваў на старонках сваіх нумароў «Нецэнзурныя прыказкі й прымаўкі» Адама Варлыгі й невядомы абразок Натальлі Арсеньневай «Пралёг у будучыню», а на старонках «Запісаў БІНІМ» ад наступнага нумару зьявіцца адмысловая музэйная рубрыка, дзе будуць зьмяшчацца выявы мэдалёў, значкоў, неажыцьцяўлёныя праекты марак, фотаздымкі.

Ужо сёньня, кінуўшы вокам на ўсе скрыні й тэчкі, можна з упэўненасьцю сьцьвердзіць, што гэтую калекцыю ня ў стане будзе абмінуць ніводны дасьледчык эміграцыі. Але ня толькі ў тым значнасьць дасягнутага.

Бадай усім ведамы горкі лёс беларускіх архіваў — страты, страты, страты. Калі праз уласны недагляд, калі празь нечыя амбіцыі й сваркі. Спробы перадаваць матэрыялы ў Беларусь таксама посьпеху ня мелі. Канфіскаваныя асобнікі, прыкладам, кнігі Юркі Віцьбіча «Антыбальшавіцкія паўстаньні й партызанская барацьба ў Беларусі» яшчэ можна аднавіць, зрабіўшы перавыданьне, а вось архіўныя дакумэнты ў гэтым пляне цалкам безабаронныя.

У Публічнай бібліятэцы ж ёсьць гарантыя, што яны будуць захоўвацца столькі, колькі будзе існаваць сама бібліятэка (а ёй ужо болей за сто гадоў), і што дакумэнты будуць выдавацца любому зацікаўленаму.

Ёсьць тут і другі важны дадатны бок. Сёньня бібліятэкі, асабліва дасьледчыцкія, архівы ўсё больш скіроўваюць высілкі на засяроджаньне на пэўнай спэцыялізацыі. Гэта й зразумела: толькі ўнікальнымі матэрыяламі, якіх больш нідзе нельга знайсьці, можна прывабіць дасьледчыкаў і ахвярадаўцаў. А каб скласьці адмысловую калекцыю, трэба ў яе ўкласьці й грошы, і час.

Таму рашэньне пра збор у новых галінах прымаецца асьцярожна і ўзважана. І можна спадзявацца, што Ньюёрская Публічная Бібліятэка, запачаткаваўшы цяпер архіўную беларусіку, прысьвечаную гісторыі эміграцыі, і надалей будзе зацікаўленая ў разбудове гэтай калекцыі.

Лявон Юрэвіч, Нью-Ёрк

Orphus system Found a typo? Select spelling error with your mouse and press Ctrl + Enter