У Галівудзе думаюць, што герб Беларусі - “Пагоня”

film_terminal На 18-м годзе незалежнасці Беларусь усё яшчэ ў значнай ступені застаецца Terra Incognita для знешняга свету. Прыкладаў таму вялікае мноства, адзін з якіх — упамінанне краіны ў заходніх фільмах. Мала таго, што такіх выпадкаў надзвычай мала, дык яны яшчэ часцей за ўсё абарочваюцца поўнымі кур’ёзамі.

З “Пагоняй” на ўніформе

У амерыканскім баевіку “Прыгавораны” (The Condemned) рэжысёра Скота Вайпера (2007 г.) 10 смяротнікаў- забойцаў, вызваленых з турмаў краін трэцяга свету, змагаюцца за жыццё на бязлюдным востраве. Аднаго са смяротнікаў прывезлі з Беларусі. На экране так і напісана: “Беларусь, Дзяржынск і (чамусьці) Віцебская калонія”. На ваеннай форме, якая ў прынцыпе не мае ніякага дачынення да Беларусі, можна было ўбачыць какарды з… “Пагоняй”. Застаецца толькі здагадвацца, як ў Галівуд трапіла бутафорыя з гістарычным гербам Беларусі.

З “вадзіцельскім пасведчаннем”

Падобная гісторыя адбылася і з фільмам Сцівена Спілберга “Тэрмінал” (Terminal, 2004 г.). Герой Тома Хэнкса Віктар Наварскі прыляцеў у Нью-Ёрк. Аднак пакуль ён знаходзіўся ў небе, у яго роднай Кракозіі адбыўся дзяржаўны пераварот, і Віктар не можа ні вярнуцца дадому, ні пакінуць аэрапорт JFK. На мытні герой паказвае вадзіцельскае пасведчанне, па-ангельску выпісанае на Віктара Наварскага. А вось на кірыліцы у вадзіцельскам пасведчанні поўнае імя Віктара выглядае — “Гуліна Гульнара Надыраўна”. “Месца жыхарства — Гомель”.

Па інфармацыі Упраўлення ўнутраных спраў Гомельскай вобласці, Гульнара Гулина пражывала з бацькамі ў вёсцы Зябраўка пад Гомелем. У 1999-м яна з’ехала ў ЗША. Як дакумент трапіў да Спілберга, застаецца загадкай.

З ядзернымі боегалоўкамі

У фільме 2001 года “Пароль “Рыба-меч” (Swordfish, ЗША-Аўстралія, рэжысёр Дамінік Сена) герой Джона Траволты, былы шпіён ЦРУ Гэбріэл Шыр, падчас планавання адной афёры гаворыць наступнае: “Ведаеш, я магу купіць у мінску ядзерныя боегалоўкі па 40 мільёнаў за штуку. Чорт! А калі я вазьму тузін, дык яны мне нават зніжку зробяць!”.

З яўрэйскімі пагромамі

Драма Джона Макнохтона “Ланскі” (Lansky, 1999 расказвае пра лёс знакамітага амерыканскага гангсцера Меера Ланскі (Сухаўлянскі). У фільме паказваецца, што Сухаўлянскія збеглі з Гродна ў ЗША, ратуючыся ад казацкіх пагромаў. Герой узгадвае, як гродзенцы-хрысціяне сякерай забілі равіна. Поўны абсурд! У пачатку мінулага стагоддзя 70 адсоткаў жыхароў горада складалі яўрэі, з якімі беларусы мірна суіснавалі з даўніх часоў. Ды і пагромаў на тэрыторыі Беларусі ў мірны час амаль не было.

З усмешкай з Нью-Йорка

Дзядуля і бабуля амерыканскай актрысы Лизы Кудроу (серыял”Сябры” (Friends, 1994-2004)) эмігрырвалі ў ЗША з беларускай вёскі Ілля (цяпер – Вілейскі раён Мінскай вобласці). Гэта часткова можа патлумачыць, чаму хлопец яе гераіні ў серыяле “Сябры” атрымлівае грант на працу ў Мінску.

Вось некалькі цытат з серыяла, якія выклікаюць усмешку:
“У Мінску прынята на развітанне цалавацца два разы ў шчаку і адзін раз ў губы. Калі збіраецеся ў Мінск, то прыязджайце вясной. Там так прыгожа! Калі будзеце ў Мінску, вось вам мой адрас,званіце, я адвяду вас на Сарочынскую ярмарку!”
“Вы рублі не прымаеце? Гэта сторублёвая купюра, якая прыкладна нічога не каштуе…”
“Не, не! Ён восем год пражыў у Мінску – занадта шмат прамых сонечных промняў, і ён памрэ!”
“Ты ўпэўнены Дэвід, што табе трэба ісці? Я ўпэўнена, што наступны рэйс ў Мінск адпраўляецца хутка … — Не, дарагая, самалёты, з Мінска сюды лятаюць раз на паўгады…”.

Як Адамовіч напісаў для Галівуда

У 1987 годзе Алесь Адамовіч скончыў сцэнар “І імя гэтай зоркі Чарнобыль” (”…Имя сей звезде Чернобыль”) для мастацкага фільма рэжысёрам якога павінен быў стаць вядомы амерыканец Стэнлі Крамер. Аднак ў сям’і Крамера ўзніклі непрадбачаныя праблемы і ўсё сарвалася. А як крыўдна, што галівудскі фільм па сцэнару вялікага беларускага гуманіста так і не быў зняты. Мог бы атрымацца эпахальны твор, які б данёс да ўсяго чалавецтва маштаб аварыі і бяду беларускага народа.

Калі Галівуд аддзячыць Беларусі?

Магчыма, такая малая ўвага да Беларусі і апраўдана з геапалітычнага боку, але ніяк не з гістарычнага. Бо ля вытокаў Галівуду стаялі менавіта выхадцы з Беларусі.
Так, кампанію Metro-Goldwyn-Mayer заснавалі сын мінскага старызніка, нарожджаны Лазар Меір (Луіс Майер) і нашчадак выхадцаў з гомельскага Палесся Маркус Лоеў. Кампанію Warner Brothers заснавалі чацвёра з 12 дзяцей Бені Ворана, шаўца з мястэчка Краснасельцы (цяпер — Браслаўскі раён Віцебскай вобласці), — Гары, Джек, Сэм і Альберт Уорнэры. Магчыма, сінематограф не пайшоў бы ў масы, калі б не піянер амерыканскага камерцыйнага падыё і ТБ, заснавальнік Нацыянальнай вяшчальнай кампаніі (NBC) Давід Сарноў, які нарадзіўся ў беларускім мястэчку Узляны (цяпер — Пухавіцкі раён Мінскай вобласці).
Ці ўзгадае Галівуд пра Сінявокую?

Паводле tut.by і zbsb.org

Orphus system Found a typo? Select spelling error with your mouse and press Ctrl + Enter