Transparency International: Беларусь зноў прызнаная карумпаванай краінай

Усясьветная грамадзкая арганізацыя Transparency International апублікавала штогадовы рэйтынг карумпаванасьці краінаў. Паводле яго, Беларусь прызнаная краінай з высокай ступеньню карумпаванасьці.

Рэйтынг вызначае ступень карумпаванасьці ў дзяржаўным апараце і сярод палітыкаў. Ён грунтуецца на аналізе апытаньняў і экспэртных ацэнках розных незалежных дасьледчых цэнтраў і ахоплівае 180 краінаў, шкала ацэнкі – ад нуля (высокі ўзровень карупцыі) да дзесяці (адсутнасьць ці мінімальная наяўнасьць карупцыі).

Пяцёрка лідэраў, дзе прысутнасьць карупцыі мінімальная, у гэтым годзе вызначылася наступным чынам: Новая Зэляндыя, Данія, Сынгапур, Швэцыя і Швэйцарыя. Пяцёрка краінаў з найгоршымі паказчыкамі – Ірак, Судан, М’янма, Аўганістан і Самалі.

Беларусь у рэйтынгу мае індэкс 2,4 і знаходзіцца на 139 месцы – разам з Банглядэш і Пакістанам. Паводле ацэнак, гэта вельмі высокая ступень карумпаванасьці. Аднак, трэба адзначыць, што ў параўнаньні з мінулым годам Беларусь палепшыла свае паказчыкі на 12 пазыцый (летась была на 151-м месцы).

Калі ў мінулым годзе горш за Беларусь з постсавецкіх краінаў былі толькі Азэрбайджан, Узбэкістан і Туркмэністан, дык цяпер дадаліся Расея і Ўкраіна і Кыргызстан. Прычым, калі Расея нават палепшыла паказчыкі на адну пазыцыю (за 147 месца перамясьцілася на 146), дык Украіна са 134 месца апусьцілася на 146-е.

З былых савецкіх рэспублік найлепшыя паказчыкі, як і летась, у краінаў Балтыі: Эстонія – 27 месца, Літва – 52, Латвія – 56.

Прыкметна, што Эстонія дзеліць 27 месца са Славеніяй, якая мае найлепшы індэкс сярод краінаў былога сацлягеру. Далей ідзе Вугоршчына – 46-е месца, Польшча – 49-е і Чэхія – 52-е (дзеліць разам зь Літвой). Як адзначае Transparency International , істотна палепшыла свае паказчыкі ў параўнаньні з папярэднімі гадамі Грузія – зараз яна на 66-м месцы.

Радыё Свабода

Orphus system Found a typo? Select spelling error with your mouse and press Ctrl + Enter