Posts Tagged ‘Бацькаўшчына’

У Менску адбыўся з’езд “Бацькаўшчыны”

Friday, July 24th, 2009

zjezdУ Менску скончыў працу з’езд беларусаў свету. Усяго ў V з’ездзе ўдзел узялі 252 дэлегаты з 18 краінаў свету. З’езд абраў старшынёй Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алену Макоўскую, а кіраўніцай Рады «Бацькаўшчыны» Ніну Шыдлоўскую.

Найбольш відным прадстаўніком беларускай дыяспары з Амерыкі быў доктар Янка Запруднік. Cтаршыня Беларуска-Амерканскага задзіночання Вячка Станкевіч завочна стаўся гаровым сябрам “Бацькаўшчыны”.

На з’ездзе ўпершыню прысутнічалі і выступалі міністр культуры Латушка, а таксама шэраг высокіх беларускіх чыноўнікаў. Таксама ўпершыню за доўгі час беларускае афіцыйнае тэлебачанне і агенцтва БЕЛТА аддалі асвятленню з’езду вялікае месца.

Дэлегаты прынялі шэраг дакументаў, якія датычацца беларускай дыяспары, мовы і ідэнтычнасці, а таксама супрацоўніцтву з беларускай дзяржавай.

Наша Ніва апублікавала рэпартаж са з’езду, а таксама фатаздымкі.

V з’езд беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” адбудзецца ў ліпені 2009

Tuesday, December 30th, 2008

zbsb18 лістапада адбылося пасяджэнне Малой Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, асноўным пытаннем, якога была падрыхтоўка да V з’езда беларусаў свету. Папярэдняя дата правядзення з’езда прызначана на 18–19 ліпеня 2009 года,  канчаткова дата будзе зацверджана пасля кансультацыі з сябрамі Вялікай Рады, у якую ўваходзіць кіраўнікі і вядомыя дзеячы беларускіх арганізацый замежжа.

Малая Рада, акрамя таго, акрэсліла тры варыянты тэмы з’езда. Бясспрэчна адно –
асноўнай праблематыкай з’езда будзе пытанне культурнай нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў, праблемы і захады па яе захаванні, як у метраполіі, так і ў дыяспары. Канчатковая тэма будзе зацверджана па выніках галасавання Вялікай Рады.

На наступным пасяджэнні Малой Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, якое адбудзецца ў студзені 2009 года, плануецца разглядаць праекты складу аргкамітэта па правядзенні з’езда, рабочых групаў, квотаў на вылучэнне дэлегатаў ды іншыя працоўныя моманты, неабходныя для годнага правядзення V з’езда беларусаў свету.

Сваімі меркаваннямі і чаканнямі ад такой значнай падзеі ў жыцці беларусаў свету для Інфармацыйнага цэнтру “Бацькаўшчыны” падзяліліся некаторыя сябры Малой Рады.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар: “Чакаю, што наступны з’езд беларусаў свету ўлічыць станоўчы досвед першых такіх форумаў і пройдзе на яшчэ большым і годным узроўні. І пажадана, каб адбылася гаворка, як у міжз’ездаўскі перыяд актывізаваць працу ў сферы беларускай культуры…

Генадзь Бураўкін, паэт, грамадскі дзеяч: “Рады, што адбудзецца, бо гэта магчымасць сустрэцца і абмяняцца думкамі. Праблемы накопліваюцца ўсё больш і больш, і іх трэба абмяркоўваць. Буду рады, калі на з’ездзе з’явіцца болей моладзі, бо трэба аддаваць ужо ім перавагу, мы старэем, і нам на змену павінна прыходзіць маладое пакаленне…

Алег Гардзіенка, гісторык, журналіст: “Мне хочацца, каб улады нашай краіны звярнулі ўсё ж такі ўвагу на нашу беларускую дыяспару. Каб гэты з’езд меў багатую колькасць прадстаўнікоў з заходніх краін, бо гэтая колькасць у асноўным за апошнія часы змяншаецца”.

Паводле сайта ЗБС “Бацькаўшчына”.