Transparency International: Беларусь зноў прызнаная карумпаванай краінай
Tuesday, November 17th, 2009
Усясьветная грамадзкая арганізацыя Transparency International апублікавала штогадовы рэйтынг карумпаванасьці краінаў. Паводле яго, Беларусь прызнаная краінай з высокай ступеньню карумпаванасьці.
Рэйтынг вызначае ступень карумпаванасьці ў дзяржаўным апараце і сярод палітыкаў. Ён грунтуецца на аналізе апытаньняў і экспэртных ацэнках розных незалежных дасьледчых цэнтраў і ахоплівае 180 краінаў, шкала ацэнкі – ад нуля (высокі ўзровень карупцыі) да дзесяці (адсутнасьць ці мінімальная наяўнасьць карупцыі).
Пяцёрка лідэраў, дзе прысутнасьць карупцыі мінімальная, у гэтым годзе вызначылася наступным чынам: Новая Зэляндыя, Данія, Сынгапур, Швэцыя і Швэйцарыя. Пяцёрка краінаў з найгоршымі паказчыкамі – Ірак, Судан, М’янма, Аўганістан і Самалі.
Беларусь у рэйтынгу мае індэкс 2,4 і знаходзіцца на 139 месцы – разам з Банглядэш і Пакістанам. Паводле ацэнак, гэта вельмі высокая ступень карумпаванасьці. Аднак, трэба адзначыць, што ў параўнаньні з мінулым годам Беларусь палепшыла свае паказчыкі на 12 пазыцый (летась была на 151-м месцы).
