Беларус – прэзідэнт Сенату Гавайскіх астравоў
Беларус Мікалай Судзілоўскі назаўжды застанецца ў гісторыі як Прэзідэнт Сенату Гавайскіх астравоў і змагар… за незалежнасьць Гаваяў ад Злучаных Штатаў. Рэвалюцыянер-раманцік Мікалай Судзілоўскі прысьвяціў жыцьцё барацьбе за свабоду там, дзе яе не хапала. Надзвычай цікавая постаць ураджэнца Магілёва і выпускніка юрыдычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэту ў матэрыяле Кастуся Лашкевіча з TUT.BY.
Як трапна заўважыў у кнізе “Імёны свабоды” Уладзімір Арлоў, мала хто здагадваецца аб тым, што зусім не Аляксандр Лукашэнка стаў першым беларусам-прэзідэнтам краіны. Магілёўца Мікалая Судзілоўскага Бог надзяліў процьмай талентаў. Ён ведаў дзесяць моў і ва ўсім, чым займаўся — палітыка, медыцына, геаграфія, хімія, этнаграфія, энтамалогія, біялогія — пакінуў па сабе прыкметны след. Нездарма быў празваны “першым і апошнім энцыклапедыстам XХ стагоддзя”.
Па слядах Каліноўскага
Будучы прэзідэнт нарадзіўся ў 1850 годзе ў шляхецкай сям’і сакратара Магілёўскай палаты грамадзянскага і крымінальнага суда Канстанціна Сцяпанавіча Судзілоўскага. Мікалай быў старэйшым з васьмі дзяцей Судзілоўскіх, якія валодалі маёнткам у вёсцы Фастава Мсціслаўскага павета. Здольны хлопец паспяваў дапамагаць маці з гаспадаркай, бацьку з працай і пры гэтым паспяхова вучыцца. У 1868 годзе, пасля сканчэння на выдатна Магілёўскай гімназіі, Судзілоўскі паступае на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэту. У сталіцу імперыі ён выпраўляўся чалавекам з уласнымі поглядамі, на якія так паўплывала антыцарскае паўстанне 1863-64 гадоў (на Беларусі яго ўзначаліў Кастусь Каліноўскі). Творы Герцэна, Чарнышэўскага, Дабралюбава зрабілі яго прыхільнікам народніцтва.
“Хаджэнні” па Расіі і Украіне
У Пецярбурзе беларус упершыню трапляе ў поле зроку паліцыі. Пасля ўдзелу ў студэнцкіх хваляваннях першакурсніку не застаецца нічога іншага, як кінуць юрыдычнае навучанне і перавесціся на медычны факультэт Кіеўскага універсітэта — больш нікуды не бралі. Напэўна, Судзілоўскі не вельмі смуткаваў з гэтай нагоды, бо лічыў навучальныя ўстановы царскай Расіі “прыладамі паліцэйскай муштры, інкубатарамі чынавенства”, дзе галовы людзей забіваюць “метафізічным, лінгвістычным і тэалагічным хлудам”. Натхнёны рэвалюцыйнымі ідэямі, ініцыятыўны юнак засноўвае сацыялістычную студэнцкую арганізацыю — Кіеўскую камуну і пачынае “хаджэнні ў народ”. Ён вядзе антыцарскую прапаганду спачатку ў Херсонскай, а потым у Самарскай губернях, пакуль “ахранка” не выйшла на след народнікаў. Кіеўская камуна была разгромленая. Напрыканцы 1874 году цудам пазбегнуўшы арышту Мікалай Судзілоўскі бяжыць ў Лондан. Уцёкі на Захад бачыліся яму часовай мерай. Судзілоўскі планаваў вярнуцца ў імперыю і працягнуць рэвалюцыйную работу. Аднак лёс склаўся інакш.
Лондан і Балканы
На Туманным Альбіёне беларус зарабляў на пражыццё ў сталічнай бальніцы Св. Георгія і ўдзельнічаў у рабоце эмігранцкіх арганізацый. 23 студзеня 1875 года Судзілоўскі нават выступіў на сходзе, прысвечаным гадавіне паўстання 1863 году, на якім прамаўлялі функцыянеры Першага Інтэрнацыяналу — Марш, Энгельс, Урублеўскі… Аднак на Брытанскіх астравах ён не забавіўся. “З усіх гарадоў свету найбольш самотным пачуваешся ў Лондане”, — напісаў беларус і працягнуў падарожжа па жыцці. Наступным ягоным прыпынкам былі Балканы. Ён сканчае адукацыю ў Бухарэсцкім універсітэце, абараняе доктарскую дысертацыю (“Аб антысептычным метадзе лячэння ў хірургіі”), узначальвае сталічны шпіталь і ініцыюе стварэнне румынскага сацыял-дэмакратычнага руху. У 1876-м ужо ў Балгарыі ягоны дом становіцца цэнтрам падрыхтоўкі Красавіцкага паўстання супраць турэцкага панавання, якое аднак скончылася паразай. Лекарская практыка гарантавала Судзілоўскаму прыстойнае існаванне, але, паводле сакрэтных данясенняў жандарскага ўпраўлення Расіі, “для сябе і сямейства пакідае даходаў невялікую частку, усё ж астатняе ўжываецца на падтрымку партыі”. Падчас чарговай Руска-турэцкай вайны, якая закранула і Румынію, у 1878-79 гг. Судзілоўскі вёў рэвалюцыйную прапаганду сярод параненых расійскіх салдат і афіцэраў, выдаваў газету “Бессарабия”. Паколькі ў Расіі ён па-ранейшаму знаходзіўся ў спісе надзвычай небяспечных дзяржаўных злачынцаў (пад № 10), то змушаны быў узяць псеўданім Русель, які да апошніх дзён стаўся ягоным другім “я”. За выратаванне соцень хворых і параненых румынскі ўрад узнагародзіў доктара Руселя залатым медалём. Але небяспека ад яго рэвалюцыйнай дзейнасці пераважыла заслугі перад дзяржавай, і неўзабаве беларуса разам з іншымі сацыялістамі высылаюць спачатку у правінцыю, а потым у Канстанцінопаль. Наш суайчыннік вандруе па Еўропе — Парыж, Жэнева, зноўку Балгарыя, Грэцыя, але паўсюль адчувае подых жандараў.
Са Старога свету ў Новы
Яго жонка з дачкамі вяртаецца ў Расію. На радзіме памірае бацька, радавы маёнтак Судзілоўскіх на Мсціслаўшчыне разрабаваны. Да таго ж змагару, які расчараваўся ў народніцкай ідэі і рэвалюцыйных метадах змагання, зноў пагражае арышт і расійская катарга. Аднак яго ў чарговы раз выратоўвае вынаходлівасць, здольнасць да містыфікацыяй і веданне моў. У вобразе барадатага немца-каланіста з неадменнай трубкай у выглядзе галавы негра Судзілоўскі-Русель плыве за акіян, у Каліфорнію, каб у чарговы раз пачаць новае жыццё. На дварэ стаяў 1887 год. У Сан-Францыска Нікалас Русель распачынае ўласную медычную практыку і ў хуткім часе становіцца самым папулярным і заможным доктарам у горадзе. Здавалася б, жыві дзеля ўласнага задавальнення, але ж яму гэтага было замала. Магілёвец займаецца публіцысткай, становіцца віцэ-прэзідэнтам Грэка-руска-слявянскага таварыства, удзельнічае ў рабоце Рускага таварыства самаадукацыі… Абураны разбэшчанасцю мясцовага праваслаўнага духавенства, ён дабіваецца адклікання ў Расію прадстаўніка свяцейшага Сінода РПЦ ў ЗША япіскапа Уладзіміра. Аднак растрыбушаны вулей пачынае вайну супраць крыўдзіцеля. Доктар Русель атрымлівае анафему і адхіленне ад царквы. Найвялікшая за акіянам руская калонія Сан-Францыска расколатая папалам, у нашага земляка з’яўляецца шмат ворагаў, і ён вырашае ізноў ўсё пачаць з нуля.
Няхай жывуць незалежныя Гаваі!
Атрымаўшы амерыканскае грамадзянства, у 1892 годзе Судзілоўскі перасяляецца на Гаваі. "На Зямлі наўрад ці адшукаецца другі такі цудоўны куток, як Гавайскія астравы”, — пісаў ён апасля ў нарысах, надрукаваных у расійскім часопісе "Книги недели". Ён распачынае лекарскую практыку, а затым паблізу ад патухлага вулкана арандуе надзел у 160 акраў, дзе вырошчвае каву, бананы, ананасы… Звяржэнне амерыканцамі гавайскай каралевы (1893) з наступнай анексіяй ціхаакіянскіх астравоў (1898) вяртае нашага земляка да палітычнай дзейнасці. Ён арганізоўвае сярод канакоў (мясцовае насельніцтва) рэвалюцыйныя гурткі, дзе даводзіць тубыльцам неабходнасць змагання за ўласныя правы і незалежнасць ад амерыканскіх эксплуататараў. Каука Лукіні (“добры доктар”), як яго празвалі месцічы, становіцца адным з заснавальнікаў Гавайскай партыі самакіравання (“Партыі незалежных”), якая выступала супраць далучэння востраву да ЗША. Паралельна Судзілоўскі закладае на Гаваях рускую калонію, заахвоціўшы да перасялення сюды 60 сем'яў з Расійскай імперыі. У 1900 годзе доктара Нікаласа Руселя, які набыў на астравах казачную папулярнасць, выбіраюць сенатарам, а затым і прэзідэнтам Сенату тэрыторыі Гаваі! Разумеючы унікальнасць сітуацыі, газета New York Times падкрэслівала ў сваіх матэрыялах, што лідэр кунакоў быў “белы чалавек”. Судзілоўскі-Русель спаў і бачыў Гаваі незалежнай дзяржавай, але хутка зразумеў, што ў супрацьстаянні з магутнымі Штатамі ў 60-тысячнага народу шанцаў аніякіх. Ягоныя надзеі разбуралі і самі месцічы. Калі чарговы раз канакі за хабар правалілі ягоны законапраект, скіраваны на паляпшэнне іхняга ж жыцця, Судзілоўскі падае ў адстаўку. Ён не трываў паразы і здрады, не мог зжыцца з гэтым адчуваннем. Таму ставіў перад самой новыя дзёрзкія мэты і зноўку пачынаў усё з нуля. Гэтым разам у Азіі.
Рэвалюцыя ў Расіі пачынаецца з… Кітаю
Доктар Русель скіроўваецца ў Шанхай з мэтай арганізаваць узброены атрад і вызваліць сібірскіх катаржнікаў, але не знаходзіць аднадумцаў. Руская эміграцыя ў Кітаі адно збянтэжана паглядае на дзівака. У 1905 годзе падчас Расійсіка-японскай вайны Судзілоўскі з’яўляецца ў Японіі. Ён стварае Камітэт дапамогі ваеннапалонным, адкрывае школы для непісьменных, ладзіць сярод іх рэвалюцыйную агітацыю, выдае і многа піша ў сацыялістычных газетах. Беларус выношвае амбіцыйны план: узброіць і перакінуць 40 тысяч палонных расійскіх вайскоўцаў у Маньчжурыю, вызваліць палітзняволеных катаржнікаў ды рушыць ў Маскву і Пецярбург на дапамогу рэвалюцыі 1905 году. Задума была занадта фантастычная, каб здзейсніцца. У той жа час ЗША пазбаўляюць Руселя амерыканскага грамадзянства на запатрабаванне Расійскага ўраду. У ягонай біяграфіі былі яшчэ Філіпіны і зноў Кітай, дзе беларус ачоліў першы ў Азіі Камітэт дапамогі галадаючым Расіі. У 1921 годзе як “былы змагар з царызмам” ён атрымлівае ад Саветаў персанальную пенсію. Аднак на настойлівыя запрашэнні ўраду БССР вярнуцца на радзіму адказваў ветлівымі адмовамі. Судзілоўскі вітаў Лютаўскую рэвалюцыю, а вось Кастрычніцкі пераварот лічыў “зігзагам гісторыі”. Цікава, што апроч палітыкі і лекавання ў Судзілоўскага-Руселя хапала часу і на навуку. Гэтак, ён стварыў карысныя трактаты ў хірургіі і афтальмалогіі, адкрыў цельцы Руселя, названыя ў яго гонар, быў сябрам Амерыканскага таварыства генетыкаў і некалькіх навуковых таварыстваў Кітая і Японіі. Менавіта беларус зрабіў геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпін ды адкрыў некалькі новых выспаў у цэнтральнай частцы Ціхага акіяну… Утаймаваць гэтага фантастычнага плёну чалавека здолела толькі цяжкая хвароба (запаленне лёгкіх) і смерць на 80-м годзе жыцця. Жыцця, цягам якога ён паспеў зрабіць столькі, што хапіла б на дзесяць іншых.
Паводле TUT.BY.