Loading...
RSS
Belarus-Russia relations Belarusian language Belarusian military travel to Belarus
Why Support Belarus Digest?

Філіп ГОРДАН: «Мінску трэба прайсці вельмі доўгі шлях»

Мінску трэба прайсці яшчэ “вельмі доўгі шлях” для паляпшэння двухбаковых адносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі, лічыць памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан....

Мінску трэба прайсці яшчэ “вельмі доўгі шлях” для паляпшэння двухбаковых адносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі, лічыць памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан. Пра гэта ён заявіў на слуханнях па палітыцы адміністрацыі Барака Абамы ў дачыненні да АБСЕ.

Слуханні былі арганізаваны дзейнай пры Кангрэсе ЗША двухпартыйнай Камісіяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкскай камісіяй).

Гордан падкрэсліў, што адміністрацыя Абамы “адкрыта для дыялогу і ўзаемадзеяння” з урадам Беларусі. Паводле яго слоў, ЗША звярнулі ўвагу на шэраг зробленых раней беларускімі ўладамі захадаў, якія спрыяюць пэўнай разрадцы напружанасці ў двухбаковых адносінах. У той жа час Гордан назваў гэтыя захады сціплымі і заявіў, што іх недастаткова для сапраўднага пацяплення адносін паміж Вашынгтонам і Мінскам.

Гордан таксама заявіў, што ЗША чакаюць ад Беларусі далейшых захадаў па дэмакратызацыі. Акрамя таго, падкрэсліў ён, Злучаныя Штаты хацелі б поўнасцю аднавіць колькасць сваіх супрацоўнікаў у пасольстве ў Мінску.

Нагадаем, што ў лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да канцэрна “Белнафтахім” у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. Двухбаковыя адносіны пагоршыліся ў сакавіку 2008 года пасля таго, як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна (апошняга з шасці прызнаных міжнароднай супольнасцю палітзняволеных на той момант). Паслы Беларусі і ЗША былі адкліканы з Вашынгтона і Мінска для кансультацый; штаты абодвух пасольстваў па сённяшні дзень скарочаны да мінімуму.

Паводле Народная Воля.

277 reads